Мікалай Халезін у інтэрв'ю «Нашай Ніве» распавёў, як беларускія алігархі пры дапамозе лабістаў спрабуюць абысці санкцыі, калі могуць быць прыняты сектаральныя санкцыі ЗША, чым гэта можа абярнуцца для Беларусі, ці гатовы Захад гандлявацца з Лукашэнкам за палітвязняў і ці ўспрымае ён рэальнымі пагрозы сілавікоў аб расправе з апанентамі рэжыму за мяжой.
Рэакцыя Лукашэнкі таму і нервовая, што санкцыі яго кранаюць. Трэба дакладна разумець, якія б санкцыі ні былі, ён будзе рабіць сітуацыю больш жорсткай. Не трэба думаць, што калі б не было санкцый і міжнароднага ціску, гэта б знізіла напал унутры краіны. Эвалюцыя дыктату працуе не так. Ціск на грамадства будзе расці ў любым разе. Паміж рознымі раўндамі санкцый былі вялікія перыяды, падчас гэтых паўзаў нічога не паляпшалася. У мяне няма адчування, што ва ўсім вінаваты Захад. Захад так адказвае на разбурэнне грамадзянскай супольнасці. Ніводная заходняя краіна не прыняла рашэнняў незалежна ад учынкаў Лукашэнкі.