Голас беларуса

30-ГОДДЗЕ НАШАЙ ДЗЯРЖАЎНАЙ НЕЗАЛЕЖНАСЦІ: МІФЫ І ФАКТЫ

Пётр Садоўскі
Напісаць гэты знешне сухаваты некароткі тэкст мяне прымусіў той факт, што ў час апошняй 8-гадзіннай гаворкі-маналогу А. Лукашэнкі з сваімі палітычнымі прыхільнікамі было заяўлена пра неабходнасць стварэння АДЗІНАЙ ІНФАРМАЦЫЙНАЙ ПРАСТОРЫ З РАСІЯЙ, што само па сабе абвяргае ягоныя публічныя свярджэнні пра адсутнасць планаў фактычнай здачы Беларусі ўсходняй суседцы як меншага партнёра ў т. зв. саюзнай дзяржаве.
На жаль, мала хто з аналітыкаў звярнуў увагу на гэтую акалічнасць. Так у свой час пачыналася гібрыднае “акучванне” Украіны у час прэзідэнства Януковіча. Няма сумневу ў тым, што ў найбліжэйшы час усе дзяржаўныя СМІ і Міністэства адукацыі пачнуць прапагандысцкую дзейнасць, скіраваную на замоўчванне гістарычных фактаў, замацаванне расейска-бальшавіскіх міфаў і стварэнне новых, -- у асноўным аўтарства аднаго чалавека.
Узгадайце, як на 8-гадзінным марафоне міністр адукацыі Карпенка старанна "браў на карандаш" піліпікі разгневанага А. Лукашэнкі на адрас школьных падручнікаў і як навыперадкі шчыравалі дробныя і дробненькія "новыя ваўчаняты", што пад акрыццём амапаўскіх шчытоў з выглядам пераможцаў выпаўзлі пасля жнівеньскіх пагромаў на авансцэну палітычнай прапаганды.
Далей
Наш песімізм, народжаны гвалтоўным падаўленнем справядлівага народнага гневу, суправаджаецца з’яўленнем містычных настрояў пра дэманічныя сілы, якімі нібыта сілкуецца Лукашэнка (сэрвільныя дзяржаўныя летапісцы не супраць), заклікаў да стварэння груп супраціву праз калектыўныя праклёны, загаворы патрыятычных вядзьмарак, - акурат, як у міфах, сабраных Дж. Г. Фрэйзэрам сярод афрыканскіх ды ўсходніх плямёнаў або ў показках пра Энэя ды “трохвугольнік Карпмана” … На самай справе ўсё прымітыўна проста: ілжа, хлусня і мана – павівальная бабка таямнічых міфаў. Плюс унутраны тэрор і падтрымка Расеі.

ЛІПЕНЬСКАЯ ДЭКЛАРАЦЫЯ 1990 г. , ЗАКОН АД 25 ЖНІЎНЯ 1991 І ПРАПАГАНДЫСЦКІЯ МІФЫ

Набліжаецца дзень 25 жніўня, які дэ-юрэ з’яўляецца Днём абвяшчэння дзяржаўнага суверэнітэту Беларусі ў найноўшай гісторыі. У гэты дзень 1991 года Вярхоўная Рада БССР, называная на савецкі манер “Саветам” (у нас няма слова “саветаваць”) прынял закон “Аб наданні статуса канстытуцыйнага закону Дэкларацыі аб дзяржаўным сувэрэнітэце БССР”. Дэкларацыя была прынята годам раней складам гэтай ж Вярхоўнай Рады, якая засталася ў гісторыі пад назвай “Вярхоўны Савет 12-га склікання”. Адбылося гэта 27 ліпеня 1990 г.
Дэкларацыя і Закон ад 25 жніўня ляглі ў аснову Канстытуцыі 1994 г., у прэамбуле якой адзначаецца, што “ … народ Рэспублікі Беларусі … прымае гэтую Канстытуцыю, абапірючыся на ШМАТВЯКОВУЮ ГІСТОРЫЮ РАЗВІЦЦЯ БЕЛАРУСКАЙ ДЗЯРЖАЎНАСЦІ …”.
Гэтым самым падкрэслівалася, што наша дзяржаўнасць пачалася не з 1917 г. і не з ліпеня 1944-га. У праекце, распрацаваным БНФ, у прэамбуле ўзгадваліся Полацкае княства, ВКЛ, БНР, БССР, аднак камуністычная большасць была супраць. На шчасце яна не дагледзела, што словазлучэнне “шматвяковая гісторыя” імплікуе сэнсава і выкрэсленыя гістарычныя рэаліі.
Не ведаю, ці засталося гэта ў рэдакцыі новага тэксту Асноўнага закону, які рыхтуецца цяпер ў кулуарах пад кіраўніцтвам “раскаянага” вязня “апазіцыянера” Васкрасенскага. (У свой час на ФБ я напісаў тэкст "Аперацыя Васкрасенскі"). Ад гэтага будзе ў далейшым у значнай ступені залежаць змест адпаведных раздзелаў у школьных падручніках гісторыі і грамадазнаўства ды шмат чаго іншага ў сферы літаратуры і мастацкай культуры.
Паводле ліпеньскай Дэклярацыі 1990 г. Беларусь абвяшчалася сувэрэннай дзяржавай, “якая ўсталявана на аснове ажыццяўлення беларускай нацыяй яе неад’емнага права на самавызначэнне, ДЗЯРЖАЎНАСЦІ БЕЛАРУСКАЙ МОВЫ, вяршэнства народа ў вызначэнні свайго лёсу”.

Звярніце ўвагу на кожнае слова.

Пазней афіцыйная прапаганда заявіць, што Незалежнасць “звалілася нам на галаву”, замоўчваючы ахвяры, якія панеслі беларусы, пачынаючы з “невядомых войнаў” ХVI-ХVII cт., трагедыі пачынальнікаў эпохі Каліноўскага і БНР, катастрофу бежанства Першай Усясветнай вайны праз расейскую стратэгію ваенных дзеянняў і сталінскіх чыстак.
Калі б не было ахвярных пачынальнікаў мінулага стагоддзя, піянерскіх даследаванняў нацыянальнай гісторыі і нацыянальнага руху Адраджэння канца 80-х гадоў, калі б у складзе дэпутацкага корпусу не было дэпутатаў ад БНФ, вельмі верагодна, што мы б былі сёння ў складзе Расійскай Федэрацыі. На што б мы абапіраліся? Факта існавання адной БССР не хапіла б.
Усе добра помняць міфы, народжаныя Лукашэнкам у час публічных выступаў. Самы свежы з 8-гадзіннага маналогу:
1. Я прапаноўваў паслаць невялікую групу сілавікоў, абгарадзіць Віскулі калючым дротам і арыштаваць змоўшчыкаў. Мяне не паслухалі. Да сёння мы б жылі ў вялікім СССР.
2. Даўны: я быў адзіны, хто прагаласаваў супраць Віскулёўскіх пагадненняў пры ратыфіцыі Вярхоўным Саветам 12-га склікання.
3. У час галадоўкі дэпутатаў апазіцыі БНФ 11-12.04.1995 г. супраць рэферэндуму ніхто не прымяняў сілу, паступіў сігнал пра мінаванне Дома ураду, яны былі п’яныя, з імі былі “дзевачкі”, галадоўшчыкі падаставалі лёзы, пагражалі ўскрыць сабе вены, прыйшлося падагнаць мяккія аўтобусы і вывезці іх з тэрыторыі Дома ураду.
4. У 2010 г. пасля прэзідэнцкіх выбараў сілавымі структурамі была перадухілена спроба штурму Дома ураду арганізаванай групай апазіцыі. (Тады ў турму былі кінутыя найбольш небяспечныя для рэжыму Някляеў, Саннікаў і Статкевіч). Быў згарбузаваны "дакументальны" фільм Азаронкам-старэйшым -- здаецца, называўся "Сякерай па шклу". Дакладна назвы не памятаю. Помню, што за гэты "дакумент" аўтар фільма атрымаў фізічную публічную поўху ад Мікалая Статкевіча.
5. У жніўні 2020 г. у межах канстытуцыйных паўнамоцтваў сілавыя структуры не дапусцілі “бліцкрыг”, планаваны тэрарыстычнымі групамі прыхільнікаў “пераменаў” пад кіраўніцтвам заходніх спецслужбаў (пры гэтым у расейскамоўным кантэксце ужываюцца з адмоўнай канатацыяй па-беларуску словы “змагары”, “свядомыя”, “перамены”), чым падкрэсліваецца і “нацыяналістычны” складнік руху, аздоблены флёрам “фашыстоўскага” БЧБ-сцяга.
6. Каардынацыйным саветам прыхільнікаў перамен планавалася забарона рускай мовы і татальная беларусізацыя грамадскага жыцця (дэманстравалася як бы пісьмовая праграма дзеянняў). Тэзіс тыражаваўся ўпершыню беларускім журналістам-міжнароднікам Раманавым, беларускім прэм’ерам ў дыялогу з Лукашэнкам, расійскім міністрам замежных спраў Лаўровым, у інтэрв’ю журналіста Брылёва з Пуціным і г. д.

Вы будзеце смяяцца

Як і ў выпадку са "стыгматызацыяй" БНФ, які "збіраўся пасадзіць на чамаданы рускамоўнае насельніцтва Беларусі", так і ў адносінах да "новай апазіцыі" з белымі стужкамі прымяняўся падступны метад распальвання варожасці паводле нацыянальнай прыкметы.
Вы будзеце смяяцца: да гэтага часу т.зв. лідэры "новай апазіцыі" карыстаюцца ў абсалютнай большасці расейскай мовай і ў новым варыянце “Народнай канстытуцыі”( “лябедзькаўская”) пакінулі расейскую мову ў статусе другой дзяржаўнай.
Нагадаю, што аснова вельмі памяркоўнага "Закона аб мовах у БССР", прынятага яшчэ ВС 11-га склікання, дзе беларуская мова мела статус дзяржаўнай, а расейская -- мовы міжнацыянальных зносінаў, была напісаная актывістамі БНФ на сходах у Фондзе культуры і перададзена ў Савет міністраў у афіцыйную камісію (старшыня -- нам. прэм'ера Ніна Мазай)
Канстатую гэта як афіцыйны член рабочай групы, што выпрацоўвала фармулёўкі адпаведных навэлаў Закону. Члены рабочай групы афіцыйна прысутнічалі на пленарным пасяджэнні ВС 11-га склікання, які прыняў абсалютнай большасцю галасоў прапанаваны праект.
Як член Прэзідыума ВС 12-га склікання сцвярджаю, што дэпутат Лукашэнка не ўносіў прапановы арыштаваць падпісантаў Віскулёўскіх пагадненняў. Больш за тое, пры ратыфікацыі тэксту пагадненняў 10.12. 1991 г. ён НЕ ПРЫМАЎ УДЗЕЛ У ГАЛАСАВННІ, што адлюстравана ў электронным пратаколе Сакратарыяту ВС 12-га склікання.
У свой час копія пратаколу была апублікаваная ў газеце “Свабода”, галоўным рэдактарам якой быў дэпутат Ігар Гермянчук. Адзіным дэпутатам, хто галасаваў супраць Віскулёўскіх пагадненняў , быў Валерый Ціхіня. Не лішне ведаць, што незадоўга да Віскулёўскіх пагадненняў на рэспубліканскім рэферэндуме больш за 90% украінцаў прагаласавалі за выхад з СССР. Гэта дапаможа ўявіць інфармацыйны настрой у нашым ВС. Вынікі ўсесаюзнага апытання пра захаванне СССР неяк адышлі на задні план.

Трэба ставіць смайлік

Пра збіццё дэпутатаў і адстаўку генеральнага пракурора Шаладонава, які ўзбудзіў крымінальную справу супраць адміністрацыі прэзідэнта і асабіста Лукашэнкі, фатаздымкі і медыцынскія даведкі пра цялесныя пашкоджанні дэпутатам публікаваліся ў СМІ.
Самы вядомы здымак – дэпутат Шут дэманструе ў пленарнай зале пасяджэнняў сінія пісягі на спіне ад удару дубінкай. Тадышні старшыня ВС генерал М. Грыб у сваіх успамінах піша, што ніхто ў зале не дэманстраваў пабоі і што, будучы знерваваным пасля галадоўкі дэпутатаў, ён на "пераможным" заключным банкеце, які даваў Лукашэнка, выпіў усяго 100-150 г. гарэлкі. Трэба ставіць смайлік.
Задакументаваныя і сведчанні следчага Язэпа Бролішса, які вёў крымінальную справу, што была закрытая загадам Лукашэнкі. У сеціве, можна прачытаць успаміны дэпутатў-галадоўшчыкаў пад назвай “Разгон” (2006 г.).
Пра “штурм” Дома ураду ў 2010 г. і падзеі лета 2020 г. пісалася надзвычай шмат. Не буду паўтараць вядомае. На заключэнне – два ўспаміны, што маюць адносіны да нашай гістарычнай сімволікі, пра якую цяпер публічна ствараюць ілжывы міф.

НАШ ГІСТАРЫЧНЫ НАЦЫЯНАЛЬНЫ СЦЯГ І ХРЫСЦІЯНСКАЯ СІМВОЛІКА

Нагадаю перш, што дзяржаўным нацыянальным сімвалам БЧБ-сцяг быў прызнаны сакратарыятам БНР 5 жніўня 1918 г., калі ў свеце яшчэ не было ніякага фашызму. У найноўшы час – 19 верасня 1991 г. Вярхоўным Саветам 12-га склікання.
Як вядома, цяпер пракуратура разглядае пытанне аб прызнанні БЧБ-сцяга экстрэмісцкай сімволікай, каб потым накіраваць у Нацыянальны сход для прыняцця адпаведнай пастановы.
Павел Севярынец у свой час завочна звяртаўся да наступніка памерлага мітрапаліта Філарэта а. Веніяміна з запытам пра адносіны царквы да гістарычнага нацыянальнага сімвала нашай дзяржавы – бела-чырвона-белага сцяга. Сп. а. Веніямін выказаўся агулам у тым сэнсе, што гэта выпадковае супадзенне і што Хрыстос не займаўся палітыкай. Цяпер, як пісалі ў сацыяльных сетках, а. Веніямін дэманструе сваю лаяльнасць сілавікам і А. Лукашэнку, паўзучым чынам вычышчаючы бель і чырвань з царкоўнай сімволікі.
Не буду спыняцца на вядомых кнігах і аўтарах, якія пісалі пра гісторыю БЧБ-сцяга і пра факты выкарыстання нацыянальных сцягоў у час нямецкай акупацыі на тэрыторыі шмат якіх краін. Найбольш зразумелы для беларусаў выпадак з выкарыстаннем расійскага трыкалора -- ў РОА генерала Ўласава, што не стала нагодай для яго забароны ў сучаснай РФ. Тут, як той казаў, сцяг не вінаваты, хто яго выкарыстоўваў.
Узгадаю толькі два эпізоды, сведкам якіх быў сам, калі пра БЧБ-сцяг у дачыненні да “пакутных колераў Хрыста” выказваліся не проста шараговыя асобы. Першы з іх – аўтар эскізу нашага сцяга, таленавіты архітэктар-будаўнік, педагог, беларус, народжаны ў мястэчку Глыбокае, бацькі якога былі “беларусамі польскай культуры” -- Клаўдзій Душ-Душэўскі. У 1918 г. ён жыў у Літве, быў дыпламатычным прадстаўніком БНР у балтыйскіх краінах, працаваў над прыватнымі заказамі, сябраваў з Ластоўскім, братамі Луцкевічамі, Тадасам Іванаўскасам (адзін з трох знакамітых братоў Іваноўскіх) , арыштоўваўся палякамі, немцамі, у 40-х гадах саветамі (двойчы). Вызвалены ў 1952 г. праз стан здароўя. Памёр у 1959 г.
Вера Андрэеўна Ніжанкоўская , жонка Браніслава Тарашкевіча, прыват-дацэнта Пецярбурскага універсітэта, аўтара першай “Беларускай граматыкі для школ”і Зоська Верас, паэтка, аўтарка трохмоўнага батанічнага слоўніка, якія мелі сяброўскія адносіны і знаёмствы ў коле беларускіх адраджэнцаў пачатку ХХ ст. (Максім Багдановіч, браты Луцкевічы, Улад Ластоўскі ды інш.), сведчылі са слоў Клаўдзія Душ-Душэўскага, што пры стварэнні эскізу БЧБ-сцяга ён кіраваўся не толькі каларыстычнай гармоніяй насычаных (чырвань) і халодных (бель) фарбаў, але, будучы добра знаёмы з традыцыями еўрапейскай геральдыкі, меркаваў, што супадзенне колераў нацыянальнага сцяга з БЧБ-колерамі “вытокаў” на мантыях праваслаўных мітрапалітаў будзе спрыяльна адбівацца на адзінстве беларускіх вернікаў.
Гэта я чуў на свае вушы, калі быў вядоўцам тэлечасопісаса “Роднае слова” у час інтэрв’ю з сп. Ніжанкоўскай у яе дома ў Радашкавічах і Зоськай Верас у лясным дамку пад Вільняй. Уладзімір Содаль, рэдактар перадачы, запісаў на паперу слова ў слова, што нагаварылі абедзьве маладзіцы на камеру аператару Сухоцкаму. Пытанні Зосьцы Верас Уладзімір пісаў алоўкам на аркушы паперы. Яна ужо вельмі дрэнна чула. У эфір гэты фрагмент не выйшаў. Наколькі я ведаю стужкі з “Родным словам” не захаваліся. Магчыма ў архіве нябожчыка Ул. Содаля тыя рукапісныя нататкі недзе хаваюцца ў папках.

Працяг успамін

Другі ўспамін – з выказванняў мітрапаліта Філарэта, які быў старшынём каміссіі па этыцы і маім непасрэдным суседам у пленарнай зале пасяджэнняў Вярхоўнага Савета 12-га склікання на працягу амаль 5 гадоў.
Калі ў дыскусіі пра сімволіку выступіў адзін з ветэранаў-камуністаў, абраных не праз акругі, а фактычна кааптаваных групавым спосабам у лік парламентароў, прапанаваў змясціць на гістарычны нацыянальны сцяг чырвоную зорку, пры поўнай цішыні залы прагучаў густы бас-барытон дэпутата Вахрамеева: “Тогда уж страхвнушающий Крест Христа, низвергающий Сатану …” І, шукаючы кантакт вачыма з суседзямі, трохі цішэй, дадаў: “Прямо какой-то САТАНИНСКІЙ ПРОМЫСЕЛ С БЕРДАНКОЙ, ЦВЕТОБОРЧЕСТВО… На моей мантии три ряда бело-красно-белых “истоков … “.
У перапынку ён тлумачыў цікаўным, што белыя і чырвоныя колеры – колеры пакутнага Хрыста, якімі пазначаюцца мантыі праваслаўных біскупаў у выглядзе нешырокіх БЧБ-ліштваў, што яны называюцца “ИСТОКИ» …Не буду каментаваць гэты эпізод. Ён адрозніваецца ад таго, што а. Веніямін адказаў Паўлу Севярынцу. Пра гэты эпізод некалі ўспамінаў Лявон Баршчэўскі ў ток-шоў Глеба Лабадзенкі “Кожны з нас”.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *


Math Captcha
97 − = 96