РАЗВАГІ Ў ПАЧАТКУ ГІБРЫДНАЙ ВАЙНЫ
Лідэр Кансэрватыўна-Хрысьціянскай партыі БНФ Зянон Пазьняк апублікаваў артыкул «Развагі ў пачатку гібрыднай вайны», дзе ен заклікаў прыпыніць санкцыі і пачаць перамовы з рэжымам.
Мэта Крамля дасягнута - кліент у лапах Масквы.
У змаганьні з Эўразьвязам Масква дасягае вынікаў. Гэта факт. Эміграцыйная атака і маніпуляваньне ўцекачамі з Блізкага Усходу цалкам ізалявалі рэжымную групоўку Лукашэнкі ад суседзяў і ад рэшты краінаў дэмакратычнай Эўропы. Рэспубліка Польшча і Прыбалтыйскія рэспублікі ўвялі надзвычайны стан у памежнай зоне.
Праз тыдзень Масква пачынае свае ваенныя вучэньні на тэрыторыі Беларусі - "Захад-21". Усё гэта называецца стварэньнем напружаньня на межах. У такой сітуацыі палітыка міжлюдзкіх і міжнародных кантактаў не адбываецца. Мэта Крамля дасягнута - кліент у лапах Масквы.
Брусэль разглядае сітуацыю з наплывам мігрантаў як гібрыдную вайну Пуціна-Лукашэнкі супраць Эўразьвязу.
- кажа Зянон Пазьняк
Скандальная сітуацыя сталася ў Польшчы
На нэўтральнай памежнай паласе ўжо доўгі час днююць і начуюць уцекачы з Блізкага Усходу, якія хочуць трапіць у Нямеччыну. Польскія памежнікі і войска іх не пускаюць, ствараюць засекі з калючага дроту. Гэта раскалола польскае грамадзтаа. Левая апазыцыя патрабуе "чалавечнасьці" адносінаў і каб прапусьцілі гэтую групу ўцекачоў.
Права-патрыятычная ўлада Польшчы забараняе прапускаць уцекачоў, бо баіцца прэцэдэнту, пасьля якога тысячы мігрантаў (як мяркуе ўрад) хлынуць у Польшчу. Праўду кажуць і першыя, і другія, але праблема не вырашаецца.
Улічваючы, што ў аснове праблемы ёсьць жыцьцё, здароўе і лёсы людзей, урадавая пазыцыя Польшчы маральна будзе падаць, а апазыцыйная узмацняцца. Наперадзе восень, халады. Магчыма і першыя, і другія палітыкі будуць стаяць на пазыцыях цьвёрда. Але толькі да першай сьмерці ўцекача, якую зваляць на ўрад.
Пуцін пляскае ў ладкі ад гібрыднай вайны палітыкаў
У аснове ўсяго гэтага Пуцін мае адносіны да дыктатуры Лукашэнкі і да лёсу Беларусі.
Падзеі выглядаюць так, што ў інтарэсах беларускага народа трэба адмяніць авія-пасажырскую і наземна-транспартную блакаду Беларусі. Трэба аднавіць міжлюдзкія сувязі і кантакты паміж народамі, камунікацыі з грамадзтвам.
Другое - прыпыніць эканамічныя санкцыі, замарозіць іх , і ўступіць у перамовы з працілеглым бокам аб спыненьні рэпрэсіяў, катаваньняў людзей, аб спыненьні перасьледу грамадзянскай супольнасьці. Яшчэ ёсьць час.
У самым пачатку гібрыднай вайны, каб спыніць эскалацыю, трэба патушыць вогнішчы з абодвух бакоў, гэта значыць пачаць размаўляць. Палітыка загнаць узурпатара ў пастку (у Расею) коштам жыцьця беларускага народа - гэта ёсьць эгаістычная палітыка варварства і барбажынства.
І справа ня ў тым, што такіх палітыкаў ня вучаць ні Куба, ні Паўночная Карэя, ні Венесуэла, ні Лібія, ні Аўганістан. Справа ў тым, што яны думаюць, што рабілі добра.
Гэта шлях да інтэграцыі Беларусі ў Расею
Тым больш цяпер трэба патрабаваць ад іх спыніцца, прыпыніць эканамічныя санкцыі супраць народу Беларусі, спыніць палітыку татальнай эканамічнай блакады, у якой выжываюць толькі дыктатары, але церпіць народ. А што датычыць нашай краіны, то эканамічныя санкцыі і блакада, гэта ёсьць загон да анэксіі, да страты суверэнітэту, да інтэграцыі Беларусі ў Расею.
Але тое мусім зразумець мы, беларусы, бо найперш мы самы можам сябе ўратаваць. Вялікія магчымасьці дзеля гэтага ёсьць. Рэалізуймася. Пачнем з сябе. З сваіх дзяцей. Першым пунктам, самым галоўным і самым лёгкім мусіць быць Беларуская мова.
Тут аснова, паводле якой будзем жыць, якая адчыніць магчымасьці для нацыянальных ідэй, для беларускай палітыкі, для беларускага руху і да стварэньня беларускага ўраду, да разуменьня сутнасьці нацыянальнага існаваньня.
3 верасень 2021 г. Зянон ПАЗЬНЯК
Што кажа другі лідэр меркаванняў Андрэй Саннікаў у інтэрв'ю на charter97.org
У інтэрв'ю на charter97.org Андрэй Саннікаў кажа пра санкцыі ў Беларусі.
Санкцыі - гэта падтрымка патрабаванняў людзей аб змяненні палітычнай сістэмы ў Беларусі, санкцыі - гэта інструмент дапамогі палітвязням. Першым патрабаваннем, звязаным з санкцыямі, з'яўляецца вызваліць, усіх, падкрэсліваю, палітвязьняў у Беларусі.
Я не толькі цяпер, але і раней заклікаў да санкцый супраць рэжыму Лукашэнкі. Калі б іх раз-пораз не здымалі, калі б у 2015 годзе не прынялі рашэння аб спыненні дзеяння санкцый у дачыненні да групы злачынцаў, то я ўпэўнены, што сёння не было б такой жахлівай сітуацыі. Дыктатуру трэба спыняць на раннім этапе, а не даваць ёй падымаць галаву.